Вiталь Рудак (vital_rudak) wrote,
Вiталь Рудак
vital_rudak

Што нам дзелаць у Лельчыцах

Дарова! Я зганяў у новы горад, а гэта значыць, што самы час напісаць сюды абзорчык. Каб і вам захацелася. Лельчыцы - горад унікальны хаця б тым, што там няма ніводнай шыльды "гісторыка-культурная каштоўнасць", а адтуль усё адно не хочацца збегчы праз 13 хвілін. У Калінкавіч, напрыклад, такое не пракатвае. Карацей, там пад катам кароткія замалёўкі з самага поўдня Рэспублікі і жменька фотак на тапак.



Вываліўся, значыцца, з аўтобуса Гомель - Лельчыцы і афігеў. Вакол аўтастанцыі люду як ў сталіцы на вакзале. Пасля бязлюднай Нароўлі адчуў лёгкі культурны шок.



Потым толькі дапёр, што аўтастанцыя тая знаходзіцца паміж дзвума рынкамі. Зайшоў у адзін з іх, яўна сялянскі. Куры, трУсы, авечкі, вуткі, каровы, коні, бульба, сена, парасяты, мёд, грыбы, семкі мяхамі. Сівыя дзядзькі з вусамі як у Халка Хогана, цёткі ў хустках і спінжаках, усе крэпка крычаць, рэкламуюць свой тавар, таргуюцца. Было адчуванне, што во зараз павярнуся, а тут падвода і побач Ганна Чарнушкава з мачыхай.



А цяпер, паважаныя знатакі, увага. Пытанне. Мужык проста набыў пеўня і нясе ў машыну? Мужык нясе пеўня, які толькі што браў удзел у баях? Мужык нясе зусім ня пеўня, а проста прыкупіў крыху перʼя ў свой капялюш? Можа гэта зусім ня певень, а недзе побач схавалася камера і Астап Б.?



Адказу я і сам ня ведаю. Затое ведаю, што сімвал Лельчыцаў - бацян. Ён ёсць на гербе, напрыклад.





Ёсць і жывыя, канечне. Ну і ўсялякія інсталяцыі. Вось, напрыклад, на ўездзе ў горад з боку Украіны. Бацяны на ланцугах - гэта той яшчэ мастацкі вобраз.



А во выглядвае з хованкі ля нейкага прадпрыемства бацян у шубе. Ну ці ў камуфляжы.



Думаеце гэта пеліканы? Дудкі. Гэта проста бацяны з амерыканскімі падбароддзямі на фоне мясцовай Камгоркі. Кажуць, з вышыні гэтых хмарачосаў ужо відаць Украіншчына.



Дзе жывую птушку набыць я так і не разведаў, але такога во балвана бачыў. 45 рублёў новымі грашамі і ён ваш.



Выпадкова трапіў на тэрыторыю нейкай хабзы. Там як і ва ўсім горадзе ў гэны дзень людна. Ці то нейкі пазачарговы суботнік, ці то практыкум па "дворамяценню", ці то проста хутка матч чэмпіянату горада па квідзічу. Пытаюся ў нейкіх жанчын дазволу сфоткаць трактар.
- А зачэм вам? Як гэта для сябе? Ну ладна, толька патом каб нідзе не дзіскрыдзіціравалі!
Бжтмй. Іду фоткаць. Чую дзеўкі за спіной шэпчуцца: "Эта навернае для ґазеты. Зачэм яму проста так".



Зіккурат? Маўзалей? Храм? Неа. Баня. Што-што, а бані пры саюзе будаваць умелі.



Упэўнены, яе не рэстаўруюць толькі для постапакаліптычных фотак у інстаграм.





А побач не кафэ, а самая сапраўдная мара. Столікі з лаўкамі сярод яблынь і вішань, што можа быць лепш? Толькі я ня ўпэўнены, што яно працуе.



Увогуле, што тычыцца кафэшак, бараў і розных разліваяк, тут іх шмат. Асабліва для адзінадцацітысячнага гарадка. Праўда, многія зачыненыя, некаторыя робюць абы як, але многія і працуюць. Зачыненыя рэаніміраваць і перарабляць у мініеўраопты не спяшаюцца. Ну і ладна. Вельмі перспектыўны горад у плане праходжання "Бронзавай мілі", напрыклад. І гэта будзе рэальна міля.





Што па ежы, то, калі ты нават хіпстэр сярэдняй рукі, галодным не астанесься. Сярод усяго мнагаабразія абшчэпіту я спачатку класічна быў выбраў галоўны рэсторан "Журавінка". Праўда, там менавіта ў гэны дзень быў рэмонт. Жызнь боль. Але і запасны "аэрадром" - кафэ "Убарць" - не падвёў. Амаль шыкоўны халаднік (толькі троху горшы за мой), сярэдні салат з капусты, дабротная катлета "Папараць-Кветка", тры свежыя бульбіны, два убогія дранікі з мясам і нуль-пяць беларускага светлага піва - усё разам пацягнула на крыху больш за два даляры. Заслужаныя 3,5 балы за ежу і пяцёрка за сэрвіс. Многа лепш, чым апошнім разам у Нароўлі.



Дарэчы, Убарць - гэта рака, на якой стаіць горад. Відаць, правы прыток Прыпяці. Ну як стаіць, можа калі і стаяў, а зараз Убарць толькі троху з аднаго боку аблізвае Лельчыцы.



Пасля сытнага абеду паспаць бы гадзінку. Але не, мяне манілі загадкі, што хавае пад сваім дахам мясцовы краязнаўчы музей. Паход туды - гэта была першая і апошняя мая памылка ў Лельчыцах. Не паўтарайце яе ніколі. Ледзь дастукаўся да іх, па-першае, і гэта ў рабочы час. Па гісторыі Лельчыц нічога так і не знайшоў. Хіба што набыў магніцік ды сфоткаў во "машынку".



Сеў на лаўку, троху паспаў ля мясцовай царквы. Падышоў нейкі дзед, патыкаў кійком у бок ці жывы я.
- Грыбы свежыя ннада? - пытаецца.
А я ўспамінаю ўсе таблічкі з сімвалам радыяцыйнага забруджвання ў лесе, якія бачыў па дарозе сюды і прам бачу, як дзед пачынае свяціцца. Нешта пратраскатаў як лічыльнік Гейгера ў адказ і уцёк.



Цікава, колькі ў Лельчыцах каталікоў, што яны будуюць касцёл. У статысячным Мазыры, напрыклад, усяго 400.



А яшчэ тут сядзіць самы сумны ў Свеце Іліч. Ён настолькі сумны, што аднойчы жыхары Лельчыцаў зжаліліся і пабудавалі вакол яго памост, каб кожны мог узыйсці і, калі не развесяліць, то хацяб скласці кампанію старой курылцы. Я тэж узлез і троху пасумаваў побач.





І так мяне размарыла, што далей проста безсістэмна шоркаўся па вуліцах і лавіў "у тапак" усякія артэфакты. Зазыр і ты, дарагі чытач. Сам жа ты ніколі ў Лельчыцы не паедзеш.



























Назад ехаў у аўтобусе з гэным самым дзедам, што мне прапаноўваў грыбы ля цэрквы.
- А якія грыбы збіраеце? Пэўна ж нільзя іх есці, радыяцыя ж?
- Красюкоў поўны лес, лісіц. Ай, якая радзіацыя. Я сабіраю ўжо гадоў 10, прадаю. І правіралі, было, на базары. Ніякай у іх радзіацыі німа. Я ж сам іх ем. І неяк да восьмага дзесятка дажыў. Во ў Мозыр вязу троху. Дык возьмеш можа?
Не, дзед, дзякуй.



Ну вось, калі шапашна, то неяк так. Пагналі ў Лельчыцы, кароча.
Tags: МРБ, Палессе - ты мяне валнуеш
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 32 comments